:

#Хатынь80

21.03.2023 г.

Хатынь не проста старонка вайны, гэта сімвал найвялікшай трагедыі, боль беларускага народу.

У гэты дзень 80 гадоў таму – 22 сакавіка 1943 года – была сцёрта з твару Зямлі ціхая прыветлівая беларуская вёска Хатынь. Ад рук карнікаў загінулі амаль усе яе жыхары: 149 чалавек, з якіх 75 – дзеці.
Нямецка-фашысцкія салдаты і іх паплечнікі выгналі з дамоў старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі аўтаматаў. Усіх сагналі ў хлеў і падпалілі. Пад напорам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і паваліліся дзверы. У падпаленай вопратцы, ахопленыя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. Самаму маленькаму жыхару Хатыні было ўсяго 7 тыдняў.

З успамінаў адзінага дарослага чалавека, які перажыў трагедыю, «Непакаронага» Іосіфа Камінскага: «І завялі мяне ў той хлеў… Там былі дачка, сын і жонка. Людзей было так шмат, што рухацца было немагчыма. ...Падпалілі хлеў зверху, гарэў дах, агонь сыпаўся на людзей, гэтыя людзі задыхаліся, так сціснулі, што дыхаць ужо не было магчымасці… Потым дзверы расчыніліся, але людзі не выйшлі. Што здарылася? Людзі казалі, што фашысты стралялі. Я сыну кажу: «Па галовах, па галовах трэба!». Выскачыў і сын. Прабег метраў пяць – і яго падстрэлілі. Я сказаў «Уставай, яны ўжо паехалі!». Стаў яго выцягваць, а ў яго ўжо кішкі вылезлі… Спытаўся толькі, ці жывая маці… Не дай Бог нікому, хто жыве на зямлі, каб такога гора не бачыць і не чуць».

Трагедыя Хатыні – адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду нацысцкай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Хатынь увасабляе сабой больш за 9 тысяч вёсак Беларусі, многія з якіх былі спалены разам з людзьмі і так і не адрадзіліся. #Хатынь80

 

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці